Вадалаз выратавальнай станцыі Гродзенскай абласной арганізацыі «Асвод» Аляксандр Кейко ў праекце “Ганаруся табой, Бацька” – пра спаўненне заветных мараў, любоў да спорту і свае бацькоўскія прынцыпы.
Аляксандр Леанідавіч – прыклад таго, як можна паспець усюды і адразу. Са сваёй абранай Юліяй яны разам каля 15 гадоў. Выхоўваюць двух хлопчыкаў – 14-гадовага Ягора і 12-гадовага Арсенія. Усе – прыхільнікі актыўнага ладу жыцця. Глава сям’і разам з сынамі прафесійна займаецца плаваннем, не адстае ад іх і Юлія, якая з гадамі таксама палюбіла гэты занятак.
Ратавальнік чалавечага жыцця
Ужо пайшоў 22 год, як Аляксандр Леанідавіч ратуе чалавечае жыццё. З прафесіяй яго звязала любоў да плавання, якую ён мае з самага дзяцінства. Тады яшчэ зусім юны Аляксандр думаў пра спартыўную кар’еру, марыў пра перамогі на спаборніцтвах, россып узнагарод. Але ўсё атрымалася па-іншаму. Часам ён задумваецца, як склалася б яго жыццё, калі б ён не пакінуў спорт.
Сам пабудаваў дом
У 2007 годзе Аляксандр сустракае Юлію. Іх знаёмства адбылося праз агульных сяброў. Абодва спакойныя, размераныя, яны вырашылі далей ісці разам. Праз два гады маладыя ажаніліся, яшчэ праз год – на свет з’явіўся першы сын Ягор. Следам за ім у сям’і нарадзіўся другі сын – Арсеній.
– Я заўсёды марыў пра роднага брата. Вельмі задаволены, што ў Ягора ёсць малодшы брат. Мне стала спакойна: цяпер яны не застануцца адныя, будуць падтрымкай адзін аднаму. Праўда, характарамі яны вельмі адрозніваюцца. Ягор – актыўны, жвавы, ніколі не сядзіць на месцы. А Арсеній больш спакойны, паслухмяны, – дзеліцца мужчына.
Юлія працуе акушэркай у бальніцы скорай медыцынскай дапамогі. Сімвалічна, што жанчына дапамагае з’явіцца новаму жыццю на свет, а Аляксандр сочыць за тым, каб яно трагічна не абарвалася.

Дом, у якім жыве сям’я, пабудаваў Аляксандр. І гэта таксама была адна з яго мараў. Ён сам распрацаваў і намаляваў праект, прычым асаблівых здольнасцей ў архітэктурнай справе мужчына ніколі не меў. На будаўніцтва спатрэбілася каля 8 гадоў. Пасля гэтага наш герой такім жа чынам пабудаваў баню.
Сямейныя абавязкі Аляксандр і Юлія падзялілі паміж сабою. Так, глава сям’і адказвае за парадак на прыдваравой тэрыторыі, а Юлія ладзіць быт дома. Дзеці ў сваю чаргу дапамагаюць бацькам.
– Хлопчыкі самі цягнуцца да працы. Нам не трэба іх угаворваць: калі яны бачаць, што тату ці маме варта дапамагчы – яны гэта робяць. Мы вучым іх на сваім прыкладзе, – адзначае герой.
Плаванне загартоўвае характар
Абодва сыны Аляксандра і Юліі прафесійна займаюцца плаваннем. Прычым сам мужчына падкрэслівае – гэта не было жаданнем бацькоў: дзеці выбіралі самі.
– Так, я быў ініцыятарам, каб хлопчыкі пачалі наведваць басейн, але сказаў, што калі ім не спадабаецца – мы зменім занятак. Прайшоў час, і яны ўцягнуліся, пачалі самі праяўляць ініцыятыву, а мы з Юліей падтрымалі дзяцей. Чаму менавіта плаванне? Таму што я па сабе ведаю, наколькі гэта карысна, – расказвае субяседнік.
Нягледзячы на тое, што Аляксандр Леанідавіч добра ведае спецыфіку гэтага віда спорту, у трэніровачны працэс хлопчыкаў стараецца не ўмешвацца. Ён адзначае: у кожнага ёсць свая задача, і рушыць гэты парадак нельга. Таму што тады трэніроўка не будзе прыносіць поспеху. Нават плаваць хлопчыкі вучыліся не з бацькам, а са спецыялістам.
Источник