Калі дзеці — кветкі жыцця, то ў намесніка галоўнага ўрача па акушэрска-гінекалагічнай дапамозе Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна кандыдата мед. навук Людмілы Бут-Гусаім ёсць уласны шчодры кветнік: штогод тут нараджаецца каля 3 тысяч дзетак.
Працуе Людміла Станіславаўна ў гарбальніцы хуткай дапамогі (перынатальны цэнтр 2-га ўзроўню) з самага заснавання радзільнага аддзялення 15 год таму… Літаральна праз тры гады аддзяленню быў прысвоены міжнародны сертыфікат Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Бальніца, добразычлівая да дзіцяці».
— Трымаем гэтую планку і сёння, — гаворыць Людміла Станіславаўна. — Заўжды імкнёмся крочыць у нагу з часам, даводзіцца шмат чытаць, каб быць у курсе навінак. Падтрымліваем цесныя міжнародныя стасункі з калегамі з блізкага і далёкага замежжа. Сябруем з супрацоўнікамі клінікі гінекалогіі і неанаталогіі Беластоцкага ўніверсітэта. Асабліва цёплыя стасункі ў нас з кіраўніком Асацыяцыі гінеколагаў Падляскага ваяводства Польшчы прафесарам Пятром Кнапам. Нашыя жаданыя госці — спецыялісты з іншых гарадоў краіны-суседкі — Лодзі, Любліна, Закапанэ, а таксама з Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы… Паступова акумулюем замежны вопыт і назапашваем свой. Галоўнае — выпрацаваць уласныя падыходы і не спыняцца.
Урач-акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі, эксперт Сусветнай арганізацыі
аховы здароўя, нацыянальны выкладчык па грудным кармленні, «Жанчына года — 2013»
Людміла Бут-Гусаім вядзе вялікую грамадскую работу па абароне
яшчэ ненароджанага дзіцяці.
Наладжаны цесныя стасункі з Гродзенскім цэнтрам абароны сям’і і дзяцей «РадзіМа»,
са святарамі праваслаўных і каталіцкіх храмаў,
з псіхолагамі. Яны сустракаюцца з будучымі бацькамі —
моладдзю горада. Асаблівы клопат — медыка-прававыя
аспекты, што тычацца цяжарнасці 15–16-гадовых
дзяўчын. Людміла Станіславаўна брала актыўны
ўдзел у міжнароднай анлайн-канферэнцыі разам з прадстаўнікамі факультэта права
Кембрыджскага ўніверсітэта, вучонымі-медыкамі і юрыстамі ўніверсітэтаў Сілезіі
і Беластока, якія аб’ядналіся і напісалі дэкларацыю па медыка-прававой абароне
гэтай катэгорыі цяжарных.
Сёлета на базе гінекалагічнага аддзялення праходзяць клінічныя выпрабаванні абязбольваючага прэпарата пасля гінекалагічных аперацый, у якіх бяруць удзел 26 краін свету.
— Гэта вельмі цікавае мерапрыемства і для вучоных, і для ўрачоў, — тлумачыць доктар. — Нам, спецыялістам, вельмі важна, каб пасляаперацыйны перыяд быў камфортным для жанчын.
Летась Людміла Бут-Гусаім паспяхова выступіла на Усерасійскім кангрэсе «Рэпрадуктыўны патэнцыял Расіі», дзе распавяла пра методыку лячэння крывацёку ў гінекалогіі і поспехі ў органазахоўваючай тактыцы.
— Мы навучыліся не толькі спыняць крывацёк, але і захоўваць дзетародныя органы, — не без гонару зазначае мая суразмоўца. — Цяпер гэтым вопытам дзелімся з іншымі.
Людміла Станіславаўна лічыць, што ёй у свой час вельмі пашанцавала, калі на канферэнцыі ў польскім горадзе Катавіцэ яна паглядзела дакументальны фільм «Нямы крык» Бернарда Натансона, у якім паказалі аборт праз экран апарата УЗД.
— Тое, што я ўбачыла, літаральна перавярнула свядомасць, — прызнаецца доктар. — З таго часу ніколі не рабіла аперацый, якія абрываюць жыццё ненароджанага дзіцяці. Дарэчы, у нашай медыцынскай установе ўжо тры гады не практыкуюць абортаў (акрамя па медыцынскіх паказаннях).
Раптам заўважаю значок, што паблісквае на лацкане халата. Прыглядаюся. Там — злепак маленькіх ножак ненароджанага чалавека.
— Гэты значок прывезла ў 1985 годзе з Катавіцэ, — тлумачыць доктар. — З таго часу ён нагадвае пра сур’ёзнасць гэтай праблемы.
Людміла Станіславаўна таксама мама: нарадзіла і выгадавала сына. Разумее неадназначнасць праблемы абортаў, але ўпэўнена: нішто ў жыцці не параўнаецца са шчасцем мацярынства.
— Па сёння памятаю першыя роды, якія давялося прымаць, — прыгадвае доктар. — Праз кесарава сячэнне на свет з’явіўся хлопчык. Памятаю яго маленькае пяшчотнае цельца. І першы крык. Эмоцыі перапаўнялі.
Магчыма, менавіта за гэтыя шчаслівыя моманты акушэры-гінеколагі так любяць сваю прафесію…
Гэтаму вучылі яе, маладога спецыяліста, настаўнікі: дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі ГрДМУ Уладзімір Бялуга, тагачасны галоўны ўрач Шчучынскай ЦРБ Анатоль Майстровіч, які запрасіў дапытлівую выпускніцу да сябе на працу. «Заўсёды будзьце саюзнікам свайго пацыента. І ў вас многае атрымаецца, — настаўляў Анатоль Паўлавіч. — І абавязкова кожны дзень дзве гадзіны на самаадукацыю. Інакш дэградацыя». Гэтыя ўрокі Людміла Станіславаўна засвоіла на ўсё жыццё. Яны сталі надзейным падмуркам у яе нялёгкай прафесіі.
Людміла Станіславаўна вельмі цэніць сваю каманду — дактароў, акушэрак, фельчараў, медсясцёр і санітарак. Для яе няма так званага сярэдняга медыцынскага персаналу. «Усе мы калегі адзінай мультыдысцыплінарнай брыгады», — любіць паўтараць доктар. А таму кангрэсы і сімпозіумы наведваюць брыгадай спецыялістаў, якія працуюць у гэтым накірунку. На асобым кантролі — маладыя ўрачы і фельчары хуткай дапамогі: за апошнія гады ў медыцынскім транспарце нарадзілася больш за дзесяць немаўлят…
У Людмілы Бут-Гусаім шырокае кола навуковых інтарэсаў. Яна займаецца даследаваннямі ў галіне гемастазу ў акушэрстве, гнойна-септычнымі ўскладненнямі ў радзільніц і гінекалагічных хворых, уралагічнымі захворваннямі ў перыяд цяжарнасці. Многія жанчыны ўдзячныя ёй не толькі за своечасовую дапамогу, але і за слушныя парады, дзякуючы якім змаглі захаваць рэпрадуктыўнае здароўе і спазнаць шчасце мацярынства.
— Многія першыя мае пацыенткі ўжо прыводзяць сваіх дзяцей і нават унукаў, — усміхаецца Людміла Станіславаўна. — Гэты давер абавязвае.
Часам няпроста, з боем даводзіцца абараняць жыццё самай безабароннай істоты — маленькага чалавека. Можа, таму ў Людмілы Станіславаўны самае любімае свята — Дзень Перамогі.
— Звычайна едзем з сябрамі і калегамі да мяне на лецішча, спяваем песні тых часоў, узгадваем герояў Вялікай Айчыннай і іх подзвігі. Мой родны дзядзька палкоўнік Антон Стэфанавіч прайшоў праз усю вайну. У яго 28 баявых узнагарод… Ён, як і мы, змагаўся за жыццё.
” Данная статья опубликована в печатном издании “Медицинский вестник”. Электронная версия статьи взята с сайта www.medvestnik.by.